Брэд Коэн – ахвяра ці пераможца?
Людзі любяць шкадаваць і любяць, калі шкадуюць іх. Стан ахвяры – гэта шыкоўнае апраўданне сваіх няўдач. Гэта вельмі прыемная роля, салодкая і безадказная. Як правіла, чалавеку-ахвяры не патрэбна прымаць ніякія рашэнні. Яму патрэбны толькі пакуты. Гэты стан перашкаджае чалавеку жыць. Хто з нас хоць раз не трапляў у такі стан? У гэтым стане мы адчуваем пакуты і бездапаможнасць. А таксама страх, боль, крыўду, расчараванне, абурэнне. Пры гэтым мы перакладваем адказнасць за нашы пакуты на кагосьці іншага. У такім стане мы адмаўляемся ад адказнасці за сваё жыццё і трапляем у стан бездапаможнага дзіцяці. І песцім, песцім у сабе гэтае пачуццё ахвяры…
І так паводзім сябе мы, дарослыя і здаровыя людзі. А што тады казаць пра тых, хто мае нейкае цяжкае захворванне ці нейкі сіндром і вымушаны змагацца з ім усё жыццё? Як жа павінны шкадаваць сябе гэтыя людзі і ці такая ўжо гэта прыемная роля – роля ахвяры – для іх?
Адказ на многія пытанні я знайшла пасля прагляду фільма рэжысёра П.Уэрнера “Перад класам”.
Як не стаць ахвярай свайго сіндрому і не зацыкліцца толькі на шкадаванні самога сябе? Як не паддацца знешнім абставінам і ўсё ж такі дасягнуць сваёй мэты? Як перажыць непаразуменне з боку іншых людзей, нават калі гэта – самыя блізкія і родныя людзі? Як паверыць у сябе і свае сілы?
Гэта тыя пытанні, на якія даў мне адказ герой фільма Брэд Коэн.
Якім бы ты разумным і таленавітым ні быў, цябе ўсё роўна будуць лічыць “дзіваком”, таму што ты вылучаешся з натоўпу, ты не такі, як усе астатнія. Нават дробязнае адхіленне ад “нормы” – і на табе ўжо кляймо “дзівак”. Цябе не прымаюць аднакласнікі, аднакурснікі і, што тут казаць, нават родны бацька. “Я шмат разоў лавіў гэты позірк, але ніколі не дазваляў яму зачапіць мяне”, - распавядаў Брэд сваёй каханай дзяўчыне, калі тая бачыла такія позіркі ў кафэ, дзе адпачывалі маладыя людзі.
Непрыманне і непаразуменне – самыя страшныя з пачуццяў, якія даводзіцца перажываць любому чалавеку. Чалавек замыкаецца ў сабе, паступова ўсё больш і больш у ім пачынае развівацца комплекс непаўнацэннасці. Ён губляе жаданне даведвацца нешта новае. І ў рэшце рэшт з-за непаразумення свет можа страціць выдатнага пісьменніка, а можа, выбітнага вучонага альбо проста добрага чалавека.
Аднак усё не так дрэнна, калі ў цябе ёсць падтрымка. У нашым прыкладзе такой падтрымкай стала безумоўная матчына любоў. Дзякуючы поўнаму прызнанню свайго асаблівага дзіцяці, маці выхавала ў сваім сыне павагу да самога сябе, да сябе такога, які ёсць, да сябе сапраўднага. Таму Брэд з самага ранняга ўзросту навучыўся прымаць сябе. Жанчына спачатку шукала тлумачэнне такім “дзівацтвам” сына, а знайшоўшы, змагла яму дапаагчы. І на працягу ўсяго жыцця падтрымлівала яго і не давала яму магчымасці апускаць рукі. Шкада і сумна ад таго, што бацька быў не такі. Ён быў далёка, і гэта не толькі пра адлегласць, на якой жылі бацька і сын. Гэта яшчэ і пра адлегласць духоўную, гэта пра тую мяжу, якая надоўга раздзяліла сына з бацькам. “Ён паверыў мне, але не паверыў у мяне”, - вось што скажа Брэд пасля размовы з бацькам пра сваё захворванне. Мне здаецца, што пачуццё нейкай сваёй віны не давала бацьку магчымасці адразу паверыць у свайго сына. На гэта яму спатрэбіліся гады, многа гадоў.
Была яшчэ ў Брэда падтрымка дырэктара школы, які дазволіў герою працаваць з другакласнікамі. Неардынарны дырэктар (можа, у нечым таксама “дзівак” – таму што не такі, як іншыя дырэктары школ) змог з першага субяседавання ўбачыць не сіндром Турэта, а шчырага чалавека і выдатнага настаўніка, у якога ёсць свая мара. Гэта падтрымка дала Брэду шанец – шанец на новае жыццё. Як жа ён гэтага чакаў! І гэтыя чаканні былі апраўданы.
Ну, і канечне, была ў Брэда яшчэ і падтрымка каханай дзяўчыны. Яна з першай сустрэчы, з першага моманту знаёмства ўбачыла ўнутраны свет Брэда, і ніякія іншыя гукі і цікі ніяк не ўздзейнічалі на яе. Дзяўчына адчула еднасць душ і вялікае каханне, здольнае бачыць толькі самае важнае і самае галоўнае ў іншым чалавеку.
Падтрымка можа матываваць, можа навучыць не здавацца, можа дапамагчы знайсці выйсце з любой складанай сітуацыі. З такой дапамогай можна і трэба ісці да сваёй мэты. І абавязкова яе трэба дасягаць. Так, як гэта атрымалася ў Брэда Коэна.
Аднойчы мне на самой справе давялося сустрэць хлопца з сіндромам Турэта. Па праўдзе кажучы, ён нічым не адрозніваўся ад сваіх сяброў, што знаходзіліся побач. Усе яны размаўлялі між сабой, жартавалі, абмяркоўвалі планы на дзень і вырашалі, дзе паблізу можна перакусіць. Сёння, мне здаецца, людзі прасцей ўспрымаюць і прасцей адносяцца да людзей з разнастайнымі захворваннямі, чым гэта было, напрыклад, у дваццатым стагоддзі. І мяне радуе, што ў дваццаць першым стагоддзі чалавек не будзе смяяцца з гукаў і рухаў, якія нехта другі не можа кантраляваць. Сёння мы сталі дасведчанымі і, лічу, больш уважлівымі адзін да аднаго.
Нават тое, што сіндром Турэта сустракаецца прыкладна ў трох з дзесяці тысяч людзей, не перашкаджае такім людзям быць самімі сабой, быць, як усе. Хадзіць, як усе. Апранацца, як усе. Жыць, як усе. І я зараз пішу не пра аднастайнасць ці шэры натоўп людзей, а пра паўнацэннае і яркае жыццё.
Успамінаецца сцэна з фільма, дзе Коэн пры ўсіх навучэнцах школы смела расказаў пра свае асаблівасці (зноў жа не без падтрымкі яшчэ аднаго мудрага дырэктара!). Згубіўшы хвіліны на тлумачэнне, можна ўсё астатняе жыццё не саромецца сябе.
Што змог здабыць са сваёй непаўнацэннасці Коэн? Самае галоўнае – ніколі не здавацца, не даваць сабе спыніцца на шляху да сваёй мары, не дазваляць хваробе перамагчы.
Хачу вярнуцца да той думкі, пра якую я гаварыла ў самым пачатку. Нямецкі філосаф і псіхатэрапеўт Берт Хэлінгер пісаў: ”Пакутаваць лягчэй, чым вырашыць праблему”. Коэн не песціў сваю хваробу. Ён не стаў ахвярай свайго сіндрому. Ён, наадварот, змог яго “прыручыць”: проста зрабіў сіндром сваім пастаянным “спадарожнікам”. Вывад, які напрошваецца ў мяне з усяго вышэйсказанага, адзін: не песціць сваю праблему, не зацыклівацца на ёй – значыць працягваць свой шлях новым чалавекам.
А яшчэ патрэбна глядзець на гэты свет так, як глядзяць дзеці. Як гаворыцца ў фільме: “Дзеці глядзяць на свет і гавораць “Я змагу”, а не “У мяне гэта не атрымаецца”.
Давайце будзем часамі дзецьмі! І не будзем дазваляць жыццёвым перашкодам спыніць нас на шляху да сваёй мары!