Права на шанец
“Нічога страшнага, калі цябе не зразумеюць
тысячы тысяч людзей.
Важна, каб цябе зразумеў хоць адзін чалавек”
(Барыс Пятровіч,
беларускі пісьменнік, журналіст)
Я не магу сказаць, што я добры знаўца фільмаў (больш захапляюся серыяламі). А яшчэ радзей я гляджу фільмы пра розныя хваробы, таму што мне становіцца вельмі сумна. Сумна ад таго, што гісторыі людзей з нейкімі захворваннямі прымушаюць мяне плакаць, і я разумею, як многа людзей жывуць не так, як я або мае сябры. Але фільм “Перад класам”, які быў зняты па кнізе Брэда Коэна “Фронт класа: як сіндром Турэта зрабіў мяне настаўнікам, якога я ніколі не меў », у суаўтарстве з Лізай Высоцкай, мяне ўразіў. Уразіў сваім сюжэтам, сваім матывацыйным настроем на дасягненне мэты, уразіў ігрой акцёра, разам з якім я перажывала новыя эмоцыі.
Сіндром Турэта быў выяўлены не адразу, і доўгі час малы Брэдлі павінен быў зносіць здзекі аднакласнікаў, несправядлівасць настаўнікаў, адчужэнне роднага бацькі. Чаго толькі не давялося вынесці Брэдлі за школьныя гады! Канечне, нянавісць героя да школы адразу становіцца зразумелай: стаяць перад класам і апраўдвацца за тое, што ты не можаш кантраляваць, даказваць дырэктару, што ты не робіш нічога наўмысна – што гэта твой арганізм, тваё цела не такое, як ва ўсіх іншых. І якое ж шчасце, што ёсць усё ж такі сапраўдныя настаўнікі, сапраўдны дырэктар, які кіруецца не сваімі эгаістычнымі інтарэсамі, а ўмее зразумець і адчуць боль душы свайго навучэнца. Дыялог Брэдлі з дырэктарам на сцэне перад усёй школай стаў тым адпраўным пунктам, які дазволіў герою пачаць новае жыццё, напоўненае вялікай марай.
Брэдлі называў хваробу сваім “спадарожнікам” і сябрам, хаця хто будзе так называць тое, што перашкаджае нармальна жыць: калі цябе выганяюць з фільма ў кінатэатры, просяць пакінуць пляцоўку для гольфа і шмат іншых сітуацый. Але для Брэдлі гэта не было бядой. Ён не звяртаў увагі на гэта. Сіндром Турэта вучыў Брэдлі цярплівасці і пакоры, і, як аказалася, гэтыя якасці дапамогуць яму прыйсці да поспеху не толькі ў прафесіі, але і ў жыцці.
Брэдлі Коэн стаў выдатным настаўнікам (думаю, што вельмі многа цяжкасцей яму давялося вынесці і за гады вучобы ва ўніверсітэце!). І вось дарослы, таленавіты настаўнік Брэдлі ідзе да сваёй мары: ён пачынае шукаць работу настаўніка. Субяседаванні адно за другім з лёгкасцю маглі б адбіць усякае жаданне дайсці да сваёй мары. Але толькі не для Брэда! Чаканне тэлефоннага званка паступова магло б пазбавіць любога чалавека цярпення і прывяло б да страты веры ў сябе. Але толькі не Брэда!
На 25-ым субяседаванні Брэдлі, прытаміўшыся, але ўсё роўна ідучы да мэты, на пытанне аб тым, якім настаўнікам ён хацеў бы стаць, адказаў: «Такім, хто дапаможа дзіцяці вучыцца, нават калі ён не такі, як усе». І, як аказалася, “лепшае субяседаванне – гэта калі цябе чуюць”. Брэда пачулі. І ён стаў яшчэ на адзін крок бліжэй да сваёй мары. Яму далі шанец. Той шанец, які патрэбны кожнаму з нас, любому чалавеку. Толькі адзін шанец – і жыццё зайграе дзіўнымі фарбамі, і ты ўжо не ты, а нехта новы, акрылены сваёй марай, спяшаешся да яе з ўсіх сілаў!
Эх, усім бы такога настаўніка! Як жа тут можна звяртаць увагу на нейкія незвычайныя гукі ці рухі, калі перад табою талент, фантазёр і прыдумшчык, а яшчэ вялікі псіхолаг і знаўца дзіцячай душы (нават самай дзёрзкай і непаслухмянай)! І ведаеце, мяне вельмі ўразіла адна рэч ў школьным жыцці: настаўніка года выбірала камісія, якая ацэньвала працу настаўніка, яго ўзаемаадносіны з дзецьмі і бацькамі, назіраючы за ім не дзень і не два. І як гэта непадобна на наш конкурс “Настаўнік года”, калі настаўнікамі даецца толькі адзін урок, ды і той, у незнаёмым класе, а галоўны крытэрый – гэта выступленне настаўніка на сцэне, усхваляючы сваю методыку выкладання прадмета. А дзе ж тады дзеці, якіх вучыць гэты настаўнік года? Ёсць пра што задумацца!
Канечне, не ўсе бацькі маглі даверыць сваё дзіця чалавеку з абмежаванымі магчымасцямі. Але думаю, што гэта хутчэй ад недасведчанасці бацькоў, чым ад нейкага іх недаверу такому настаўніку. Прыродны талент Брэдлі, што супаў з яго галоўнай жыцёвай мэтай, вывеў яго на высокі ўзровень як настаўніка. А ўсё чаму? Ды проста таму, што яго душа была напоўнена толькі лепшым. А даць іншаму можна толькі тое, што ёсць у цябе самога. Вось ён і раздаваў часцінку сябе сваім вучням. І вынік, які атрымаў Брэдлі, гэта вынік яго штодзённай працы над сабой, вынік яго пераадолення шматлікіх перашкод у жыцці. І вынік таго аднаго шанцу, які дала яму маці, калі паверыла ў сына. Таго шанцу, які даў Брэдлі дырэктар школы (разумны і мудры чалавек). Таго шанцу, які дала Брэдлі яго каханая дзяўчына, для якой не існавала ніякіх недахопаў у каханым чалавеку. Не многа, не мала – адзін шанец! І як гэты шанец можа многае змяніць у жыцці не толькі нейкага аднаго чалавека, а многіх людзей, што жывуць побач з ім.
Разважаючы над фільмам, я чамусьці прыгадала яшчэ адзін (хоць я і не знаўца фільмаў!) – фільм “Кранутыя”. Той жа сіндром у галоўнага героя –падлетка. Тое ж імкненне не мірыцца з абставінамі, а пераадолець іх. Хоць і доўга прыйшлося змагацца са сваімі страхамі, але герой таксама знайшоў сваё шчасце, стаў жыць жыццём звычайнага чалавека, разумеючы, што трэба прымаць сябе такога, які ты ёсць, што няма нічога немагчымага, што патрэбна ісці да сваёй мары.
І калі нашы мары стануць мацнейшыя за нашы страхі, - тады яны пачнуць спраўджвацца.
А яшчэ не забывайце пра шанец, які патрэбна даваць кожнаму чалавеку! І няхай цябе не разумее ўвесь свет, але ёсць нехта, хто зразумее цябе і дасць табе гэты адзін шанец!