Трыумф насуперак перашкодам

"Дарог у свеце вельмі многа,

А ты між іх сваю знайдзі,

Няхай далёкая дарога,

    А ты ідзі,

    А ты ідзі..."

Пятрусь Броўка

     У кожнага чалавека свой лёс, свой шлях, свая дарога … На сваіх жыццёвых пуцявінах кожнаму з нас даводзіцца пераадольваць мноства перашкод. Усё жыццё мы вучымся быць моцнымі і не здавацца, падымацца, калі ўпаў. І я веру, што ўсе выпрабаванні чалавеку даюцца не выпадкова, што, пераадольваючы складанасці, людзі становяцца толькі мацней. Глыбей паразважаць над гэтай тэмай мяне прымусіў фільм рэжысёра Пітэра Уэрнера “Перад класам”.

     Галоўны герой кінастужкі Брэдлі Коэн хварэе на сіндром Турэта. Хлопчыка трывожаць маторныя і вакальныя цікі, якія немагчыма цалкам кантраляваць. І з самага дзяцінства ён сутыкаецца з асуджэннем з боку навакольнага асяроддзя. Многія лічылі, што ён выдаваў такія гукі знарок, каб выказаць пратэст чаму-небудзь або прыцягнуць увагу да сябе. Але немагчыма ўявіць, які боль адчуваў Брэд, калі ўсе вакол былі супраць, нават родны бацька не верыў яму. Хлопчык не раз лавіў на сабе погляд асуджэння, але “ніколі не дазваляў яму закрануць сябе”.

     Нялёгка галоўнаму герою давялося і ў школе: з яго смяяліся і здзекваліся дзеці, не любілі і не разумелі настаўнікі, але яны і не спрабавалі гэтага зрабіць. У фільме вельмі яскрава педагогі супрацьпастаўляюцца дырэктару новай школы, у якую прыйшлося перайсці Брэду. Дырэктар стаў для Брэда прыкладам таго, якім павінен быць сапраўдны настаўнік. Ён быў адным з тых нямногіх, хто паспрабаваў зразумець хлопчыка і дапамог яму адаптавацца ў соцыуме. Пасля канцэрта школьнага аркестра Брэд быў запрошаны на сцэну, дзе яму давялося ўсім расказаць пра сваю хваробу. Калі Брэда спыталі, як яму можна дапамагчы, ён толькі адказаў, што хоча, каб з ім абыходзіліся, як з усімі. Кранальны момант. Апладысменты. Усе ўсталі. “Усяго некалькі слоў і трохі тлумачэнняў – і гэта расхінула дзверы ў зусім новы свет.” Гэтая сцэна фільма зачапіла мяне больш за ўсё. Часам мы вельмі катэгарычныя да людзей, якія не такія, як усе, мы не ўяўляем, як ім складана і што яны адчуваюць, а часам нават і не спрабуем гэтага зразумець.

     Усё сваё жыццё галоўны герой марыў працаваць у школе. Настаўнікі Брэда натхнілі яго “стаць такім, якімі самі ніколі не былі: такім, хто дапаможа дзіцяці вучыцца, нават калі ён не такі, як усе”. Брэд з адзнакай скончыў універсітэт і пачаў шукаць працу. Але на шляху да сваёй мары яму давялося сутыкнуцца з мноствам перашкод: 24 адмовы за непрацяглы час! Усе вакол “бачылі толькі сіндром, а не тое, які ён цудоўны настаўнік”. Але, нягледзячы ні на што, герой не здаваўся, працягваў шукаць, разумеў, што барацьба будзе нялёгкай. Але не той дасягае мэты, хто ніколі не падае, а той, хто здолее падняцца і пайсці далей. І вось, нарэшце, ён знайшоў тую самую школу, дзе яго зразумелі, убачылі, які ён чалавек і які настаўнік.

     Мне здаецца, што Брэд стаў сапраўдным Настаўнікам. Ён паказаў сваім маленькім вучням, як важна быць самім сабой, з разуменнем ставіцца да ўсіх, як адно і тое ж слова можа прынесці нясцерпны боль ці, наадварот, незвычайную асалоду. Ён “не верыў, што ёсць безнадзейныя дзеці: трэба да кожнага знайсці свой падыход!” Для сваіх вучняў Брэд стаў музыкантам, які віртуозна граў на струнах іх дзіцячай душы, ён змог узяць у палон дзіцячыя сэрцы і стаў сапраўдным прыкладам для сваіх навучэнцаў.

    Аднак Брэд сустрэўся з парадоксам: бацькі – самая складаная частка працы настаўніка. Некаторыя з іх былі супраць такога настаўніка для сваіх дзяцей, хацелі “лепшага”. У фільме паказана рэальнасць, якую мы часам не заўважаем, а, можа, робім выгляд, што не заўважаем. Бо людзі з абмежаванымі магчымасцямі ёсць, яны жывуць побач з намі, і мы не маем маральнага права свядома падзяляць грамадства на “нас” і “іх”. Зразумела, гаворка ідзе не канкрэтна пра сіндром Турэта, а ў цэлым пра любое захворванне, пра тое, як здаровыя людзі імкнуцца ад гэтага абстрагавацца: лепш не заўважыць, абысці бокам, замест таго, каб дапамагчы ці хаця б з разуменнем і цярпеннем паставіцца да людзей з нейкімі фізічнымі асаблівасцямі.

    Нягледзячы на ўсе цяжкасці і перашкоды, Брэд стаў Настаўнікам года. На цырымоніі ўзнагароджання ён горда заявіў, што змог дамагчыся ўсяго дзякуючы свайму “сталаму спадарожніку”, “выдатнаму настаўніку” – яго хваробе.

     Я думаю, што ўрок для гледача ў тым, каб навучыцца прымаць усе сітуацыі ў сваім жыцці, не злавацца на лёс, не крыўдзіцца, бо ніколі не ведаеш, навошта табе даецца тое ці іншае выпрабаванне ... Галоўны герой не ненавідзеў сваю хваробу, ён яе прымаў і быў рады жыць з ёй. Хвароба была яго сябрам, “кампаньёнам”, як ён сам яе называў, але ніяк не ворагам. Менавіта яна дапамагла знайсці Брэду прызванне, а потым і прызнанне, якога многія шукаюць усё жыццё.

     Фільм Пітэра Уэрнера “Перад класам” заснаваны на рэальных падзеях. Ён прымушае пераасэнсаваць сваё стаўленне да жыцця і да іншых людзей і ў чарговы раз задумацца пра тое, як важна правільна адносіцца да людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Паспрабуйце не забываць, што нельга судзіць кагосьці па знешніх недахопах, бо галоўнае ў чалавеку – гэта яго сутнасць, яго характар, воля да жыцця, цяга да любімай справы і такія якасці, як сумленнасць, адкрытасць і дабрыня.

     Запомніце словы сапраўднага Настаўніка Брэдлі Коэна: “На шляху да мары не дайце ніякім абставінам вас спыніць!”

We use cookies
Мы используем cookie (файлы с данными о прошлых посещениях сайта) для персонализации пользовательского опыта и удобства при использовании нашего сайта. Нажимая кнопку «Принимаю» вы соглашаетесь с условиями обработки ваших персональных данных, собираемых при помощи cookie. Вы можете запретить сохранение cookie в настройках вашего браузера.